Справаздача аб правядзенні дэкады беларускай і рускай мовы і літаратуры
ў Дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 5 г. Жодзіна”
2016/2017 навучальны год
З 1 па 11 сакавіка 2017 года ва ўстанове адукацыі была праведзена дэкада рускай і беларускай мовы і літаратуры. Усе настаўнікі прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні пазакласных мерапрыемстваў і адкрытых ўрокаў.
На працягу тыдня была аформлена выстава “Пісьменнікі-юбіляры”, матэрыялы да якой рыхтавалі вучні 8-11 класаў.
02 сакавіка адбылося пасяджэнне гарадскога метадычнага аб’яднання па тэме “Павышэнне ўзроўню прафесійнай культуры педагога, якая забяспечвае творчае развіццё вучняў”. Настаўнік рускай мовы і літаратуры Малініна Н.C. выступіла з дакладам «Творчае развіццё вучняў на ўроках рускай і беларускай мовы і літаратуры і ў пазакласнай дзейнасці». Было адзначана, што развіццё творчага патэнцыялу школьнікаў з’яўляецца адным з прыярытэтных і актуальных напрамкаў у працы настаўніка-філолага. Мэтамі адукацыі і выхавання, акрамя фарміравання ведаў, уменняў і навыкаў, з’яўляецца інтэлектуальнае, маральнае, фізічнае і творчае развіццё навучэнца, фарміраванне ўсебакова развітай, творчай асобы.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дабравольская Т. П. выступіла з дакладам «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі як сродак развіцця творчых здольнасцяў навучэнцаў», а таксама падзялілася вопытам работы па выкарыстанні форм і метадаў дадзенай тэхналогіі на сваіх уроках. Выкарыстанне мультымедыйных сродкаў на ўроках мовы і літаратуры дапамагае вучням больш грунтоўна запамінаць новы матэрыял, спрыяе павышэнню матывацыі школьнікаў да пазнання вучэбнага прадмета, развіццю наглядна-вобразнага мыслення, фарміраванню ўменняў працы з інфармацыяй.
Настаўнікі Чайка С.В., Тарасава Т.В. разам з вучнямі 11-х класаў падрыхтавалі музычны спектакль “Царэўна-лягушка на новы лад”.
03 сакавіка Губар А.П. у 5 “Г” класе правяла ўрок беларускай літаратуры па тэме “М.Лынькоў “Васількі”. Вучні не толькі пазнаёміліся з апавяданнем пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але і актыўна выказалі свае адносіны да вайны, да героя літаратурнага твора, яго характар, учынкі. На пачатку ўрока саставілі кластар “Вайна”, а напрыканцы – кластар “Мір”. Вучні працавалі ў групах і калектыўна, адказвалі на пытанні і выконвалі заданні творчага характару.
Сазонава Т.С. з вучнямі 6 “А” класа вывучалі апавяданне С.Тарасава “Еўфрасіння Полацкая”. Вучні працавалі ў групах: 1-я група – “Гісторыкі”, 2-я група – “Чытальнікі”, 3-я група – “Даследчыкі”. Вучні першай групы расказвалі пра пісьменніка С.Тарасава, яго дзейнасць. Вучні другой групы падрыхтавалі выразнае чытанне вершаў беларускіх пісьменнікаў пра Еўфрасінню Полацкую. І вучні трэцяй групы паведамілі пра жыццё і асветніцкую дзейнасць Е.Полацкай. Была аформлена выстава кніг, прысвечаная жыццю і дзейнасці святой Еўфрасінні. Урок мае вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне.
04 сакавіка Казлоўская В.М. і Малініна Н.С. арганізавалі правядзенне пазакласнага мерапрыемства — лінгвістычнага турніру “Свая гульня” сярод вучняў 10-х класаў. Турнір праходзіў у два этапы. У першым туры вучням былі прапанаваны пытанні па беларускай і рускай мове. Вучні не толькі ўзнавілі, але і сістэматызавалі раней набытыя веды па лексіцы, фразеалогіі, марфалогіі і словаўтварэнні. У другім туры пытанні былі па беларускай і рускай літаратуры. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікалі наступныя раздзелы: партрэты, факты з жыцця пісьменнікаў, назвы твораў. І ў першым, і ў другім турах вучням пападалася наменацыя “Кот у мяшку”, якая прадугледжвала пытанне з іншага раздзела. На гэтым турніры вучні не толькі ўзнавілі і сістэматызавалі раней набытыя веды, але і пашырылі свой слоўнікавы запас. Пры выкананні асобных заданняў старшакласнікі праявілі кемлівасць і знаходлівасць.Добразычлівая атмасфера, цікавыя заданні, наглядныя матэрыялы спрыялі прадуктыўнай працы вучняў.
06 сакавіка ў 6 “Б” класе Сінькевіч С.У. правяла ўрок беларускай мовы па тэме “Прыметнікі з суфіксамі ацэнкі, сфера іх ужывання, правапіс”. Вучні ўзнавілі раней набытыя веды пра прыметнік у вуснай і пісьмовай форме, выканалі арфаграфічную хвілінку, пазнаёміліся з групамі ацэначных прыметнікаў, асаблівасцямі іх лексічнага значэння, спосабамі утварэння і сферай ужывання, вучыліся адрозніваць розніцу ў іх значэнні. Складалі знакавую мадэль гэтых суфіксаў, па варыянтах утваралі аднакаранёвыя словы з рознымі ацэначнымі суфіксамі. Працавалі ў парах: выпісвалі прыметнікі з суфіксамі ацэнкі, выдзялялі гэтыя суфіксы і вызначалі, якое адценне яны надаюць значэнню прыметнікаў. У канцы урока вучні апісавалі свайго чацвераногага сябра, выкарыстоўваючы прыметнікі з суфіксамі ацэнкі. У выніку вучні навучыліся бачыць ацэначныя прыметнікі ў тэксце, вызначаць іх сэнсава-стылістычную ролю, правільна ўтвараць і пісаць, дарэчы ўжываць ва ўласным вусным і пісьмовым маўленні.
07 сакавіка вучні 7 “Б” класа разам з настаўніцай Вянгерскай А.І. падвялі вынікі працы з апавяданнем Я.Брыля “Сірочы хлеб”. Урок прайшоў у форме творчай лабараторыі. Вучні былі падзелены на групы і кожная група атрымала сваё заданне: 1-я група – падрыхтаваць паведамленне пра галоўнага героя Даніка Мальца, 2-я – ахарактарызаваць літаратурнага героя, 3-я – саставіць кластар “Настаўнікі Даніка Мальца”, 4-я – сінквейны (пра Даніка і яго сябра), 5-я – саставіць віктарыну “Падарожжа па аповесці”, 6-я – саставіць віктарыну “Пазнай героя”, 7-я – аформіць крыжаванку і 8-я група – намаляваць ілюстрацыі да эпізодаў. Добразычлівая атмасфера і цікавыя заданні спрыялі прадуктыўнай працы вучняў.
09 сакавіка вучні 9 “Г” класа пад кіраўніцтвам Дабравольскай Т.П. абагульнілі веды на ўроку беларускай мовы па тэме “Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак”. На пачатку ўрока настаўніца стварыла ўмовы для эмацыянальнага настрою і матывацыі вучняў пры дапамозе прыёму “Смайлік”. Кожны этап урока прадугледжваў розныя заданні: лексічная размінка, арфаграфічная размінка, графічны дыктант, дыягнастычны тэст і інш. Тэкставы матэрыял садзейнічаў выхаванню ў вучняў павагі да мінулага і сучаснага беларускай зямлі, яе гістарычных асоб, выхаванню патрыятычных пачуццяў, гуманізму, дабрыні.
11 сакавіка 2017 г. настаўнікамі рускай мовы і літаратуры Галаскок С. В. і Тарасавай Т. В. было праведзена пазакласнае мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю кнігі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц», у якім удзельнічалі вучні 7-х класаў. Мэты дадзенага мерапрыемства: прывіваць навучэнцам цікавасць да чытання мастацкай літаратуры, урокаў рускай літаратуры; развіваць уважлівыя і беражлівыя адносіны да слова; развіваць творчыя здольнасці вучняў; пашыраць кругагляд вучняў; выхоўваць гуманнае стаўленне да свету, маральныя якасці. У ходзе мерапрыемства вучні пазнаёміліся з цікавымі фактамі з біяграфіі А. дэ Сэнт-Экзюперы, гісторыяй стварэння кнігі «Маленькі прынц». Была арганізавана выстава малюнкаў сямікласнікаў і кніг пісьменніка, праведзена займальная віктарына «Самы ўважлівы чытач».
11 сакавіка 2017 года настаўнік рускай мовы і літаратуры Ігнатовіч Н.І. правяла літаратурную віктарыну па казках К. І. Чукоўскага. У віктарыне прымалі ўдзел па 6 чалавек з 5 «А» (каманда «Смайлікі») і 5 «Б» (каманда «Дзяльфінчыкі») класаў. Дадзеная віктарына дапамагла дзецям успомніць дзіўныя казкі К. І. Чукоўскага, даведацца пра цікавыя факты з жыцця аўтара. Вучні адгадвалі казкі, расшыфроўвалі імёны герояў, разгадвалі крыжаванкі, удзельнічалі ў аўкцыёне, пабывалі ў «Бюро знаходак» і даведаліся, што знаходзіцца ў «Чорнай скрыні». Пасля кожнага конкурсу падводзіліся вынікі. Па суме балаў 1 месца заняла каманда «Дзяльфінчыкі» (5 «Б» клас), 2 месца каманда «Смайлікі» (5 «А» клас) Кожная каманда засталася задаволеная сваімі вынікамі і атрымала граматы.
Падчас правядзення дэкады настаўнікі наведалі ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы сваіх калег з мэтай абмену педагагічнага вопыту.
Кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры А.І. Вянгерская
Кіраўнік МА настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Н.С. Малініна